ПРА́ЖСКІ МІР 1866,
мірны дагавор паміж Аўстрыяй і Прусіяй, які завяршыў аўстра-прускую вайну 1866. Падпісаны 23 жн. ў занятай прускімі войскамі Празе. П.м. пацвердзіў асн. ўмовы папярэдняга Нікальсбургскага дагавора (26.7.1866). Аўстрыя прызнавала роспуск Герм. саюза, пагаджалася на «новае ўпарадкаванне Германіі» без удзелу Аўстрыі, абяцала прызнаць новы саюз на Пн ад р. Майн на чале з Прусіяй, а таксама будучыя анексіі Прусіі на Пн Германіі; адмаўлялася на карысць Прусіі ад сваіх правоў на Шлезвіг і Гольштэйн, прызнавала перадачу Венецыянскай вобл. Італіі, выплачвала Прусіі кантрыбуцыю ў 20 млн. прускіх талераў. Прусія заняла пануючае становішча сярод герм. дзяржаў.
т. 12, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)